Колькасць паўночнаатлантычных гладкіх кітоў (лац. Eubalaena glacialis), аднаго з відаў марскіх жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у апошні час зноў паменшылася. Згодна з новым штогадовым дакладам, падрыхтаваным навукоўцамі, іх папуляцыя скарацілася на 2 адсоткі і склала 382 асобіны.
У дакладзе адзначаецца, што ў папярэднія гады колькасць гэтых кітоў крыху павялічвалася, аднак у апошні час зноў пайшла на спад. Сярод асноўных прычын называюцца пацяпленне марской вады, заблытванне кітоў у рыбалоўных снасцях і сутыкненні з суднамі.
Па словах старшыні Рады па паўночнаатлантычных гладкіх кітах Хізэр Пеціс, падвышэнне тэмпературы акіянскай вады прыводзіць да змены месцаў пасялення дробных марскіх арганізмаў, якія служаць асноўнай крыніцай ежы для гэтых кітоў. У пошуках пражытка кіты ідуць за гэтымі арганізмамі і вымушаны перамяшчацца ў марскія раёны, дзе не забяспечаны дастатковы ўзровень абароны. Гэта павялічвае верагоднасць таго, што яны сутыкнуцца з пагрозамі, звязанымі з дзейнасцю чалавека.
Па дадзеных навукоўцаў, у перыяд з 2010 па 2020 год колькасць паўночнаатлантычных гладкіх кітоў скарацілася на 25 працэнтаў. Нягледзячы на тое, што летась на свет з'явілася больш за 20 дзіцянят гэтага віду, для забеспячэння ўстойлівага росту іх агульнай папуляцыі па-ранейшаму неабходна ўзмацніць меры па ахове і прадухіленні пагроз.
Эксперты падкрэсліваюць важнасць зніжэння ўздзеяння рыбалоўства і суднаходства на месцы пасялення гэтых марскіх жывёл, а таксама ўзмацнення кантролю за зменамі марской экасістэмы.





